Беларуская Служба

Украінцы адкрываюць  фірмы ў Польшчы. Будаўніцтва і IT — у лідарах

02.03.2026 14:34
У 2025 годзе дзейнасць распачалі амаль 31,5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных грамадзянамі Украіны.
Украінскі рэстаран у Варшавекрыніца: facebook.com/usester

Украінцы ўсё часцей вырашаюць адкрываць уласны бізнес у Польшчы. У 2025 годзе дзейнасць распачалі амаль 31,5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных грамадзянамі Украіны. Гэта складае 12 працэнтаў ад усіх рэгістрацый новых ІП у Польшчы, паведамляе gazeta.pl

Польскі эканамічны інстытут паведамляе, што больш за палову новых прадпрыемстваў былі зарэгістраваныя ў трох ваяводствах: Свентакшыскім (26 працэнтаў), Ніжнесілезскім (19 працэнтаў) і Мазавецкім (18 працэнтаў). Самая нізкая доля зафіксавана ў ваяводствах Сілезскім (1 працэнт) і Падляшскім (2 працэнты).

Украінскія прадпрымальнікі часцей за ўсё адкрывалі будаўнічыя фірмы — яны склалі 24 працэнты ад агульнай колькасці. На другім месцы апынуліся паслугі (14 працэнтаў) — гэта, напрыклад, салоны прыгажосці або масажныя кабінеты. Далей ідуць паслугі ў сферы тэлекамунікацый і камп’ютарнага праграмавання (13 працэнтаў).

Цікава, што 37 працэнтаў украінскіх ІП, зарэгістраваных у Польшчы ў 2022–2025 гадах, былі заснаваныя жанчынамі.

«Высокая колькасць індывідуальных прадпрыемстваў, якія адкрываюць украінцы, выклікана, сярод іншага, спецыфікай рынку працы, які прапануе імігрантам пераважна часовую працу, ніжэйшую за іх прафесійныя кампетэнцыі і часта нізкааплатную. Уласная гаспадарчая дзейнасць дазваляе атрымаць большую незалежнасць і лепш выкарыстоўваць наяўную кваліфікацыю», — адзначае доктар Анна Шыманьска, кіраўніца даследчыцкай групы ў Польскім эканамічным інстытуце.

Толькі каля 1 працэнта ўкраінскіх ІП, зарэгістраваных у 2025 годзе, былі закрытыя ў тым жа годзе. Гэта значна менш за паказчык закрыцця прадпрыемстваў сярод усіх ІП у Польшчы, які складае 4 працэнты.

яс